На сайт МЧС

Як пазбегнуць няшчасных выпадкаў на вышыні? (Звязда)

128

Будаўнічыя работы нельга ўявіць без крана. Функцыянаванне гэтых «жалезных памочнікаў» няўхільна звязана з жорсткім выкананнем правілаў тэхнікі бяспекі. Парушэнне яе можа прывесці ў найгоршым выпадку і да лятальнага канца. Летась у Беларусі зарэгістравана да 10 здарэнняў падчас работы кранаў. Прычыны ў асноўным маюць арганізацыйны характар. Гэта значыць, калі б супрацоўнікі выконвалі правілы тэхнікі бяспекі, то нічога б і не здарылася. І толькі аднойчы прычыны няшчаснага выпадку былі і арганізацыйныя, і тэхнічныя. Усе кропкі над «і» дапамаглі расставіць у Дзяржпрамнаглядзе.

«Букет» парушэнняў скончыўся смерцю

У Гомельскай вобласці летась адбылося чатыры няшчасныя выпадкі пры выкананні работ грузапад'ёмнымі кранамі. Тры з іх прывялі да цяжкіх вытворчых траўмаў. Адзін скончыўся смерцю. Адметна, што ў 2016 годзе ў рэгіёне быў зарэгістраваны ўсяго адзін няшчасны выпадак.

25 ліпеня аўтакран працаваў на рэканструкцыі былой школы ў Гомелі. Страла крана ў нейкі момант апынулася бліжэй, чым за метр ад лініі электраперадачы, якая знаходзілася пад напружаннем у 10 кілавольт. Невялікі паветраны прамежак паміж дратамі і металічнай стралой быў прабіты электрычным разрадам. Смяротныя траўмы атрымаў дырэктар мясцовага прыватнага прадпрыемства, які быў заказчыкам работ і адначасова з тым ажыццяўляў страпоўку грузу.

Разбіральніцтва выявіла шэраг парушэнняў. Кран не быў зарэгістраваны ў Дзяржпрамнаглядзе. Прычым самае цікавае, што рэгістрацыю ў ДАІ ён прайшоў. Пэўных эксплуатацыйных дакументаў на яго не было. Механізм працаваў у ахоўнай зоне лініі электраперадачы без адпаведнага нарада-допуску. Яго мусіла выдаць арганізацыя, якая абслугоўвала ЛЭП. Ды і сам кран не быў належным чынам заземлены. Больш за тое, на пад'ёмніку адсутнічаў модуль засцярогі ад небяспечнага напружання. Былі выключаны і іншыя агрэгаты, якія адказвалі за электрабяспеку.

Месяцам раней драма разыгралася ў Жлобіне на Беларускім металургічным заводзе. Аператар паста кіравання трубапракатнага цэха выконваў функцыю стропальшчыка. Ён навешваў металічныя стропы на пакет труб. Але... кран яго прыціснуў гэтымі самымі трубамі да агароджы пляцоўкі, дзе ён працаваў.

Тэхніку бяспекі парушыў стропальшчык. Перад тым як кран пачаў падымаць груз, ён мусіў пакінуць небяспечную зону. Але гэтага не зрабіў. Больш за тое, стропы навешваліся ў тым месцы, якое не было прадугледжана тэхналагічнай картай. З-за чаго груз і перакасіла.

Хто вінаваты?

Сітуацыя, аналагічная той, якая назіраецца ў Гомельскай вобласці, склалася і ў Мінску. Пры гэтым у 2016 годзе няшчасных выпадкаў і аварый у сталіцы не было зарэгістравана ўвогуле.

— У Мінску ў большасці выпадкаў грузапад'ёмныя краны знаходзіліся ў тэхнічна спраўным стане. Вытворчы траўматызм стаў вынікам нізкай дысцыпліны — адным словам, корань зла трэба шукаць у арганізацыйных прычынах. А яны разнастайныя. Гэта і памылковыя дзеянні, і асабістая неасцярожнасць пацярпелых. Быў выпадак, калі да кіравання і абслугоўвання машын і механізмаў быў дапушчаны персанал, які не меў належнай кваліфікацыі, — расказвае начальнік упраўлення нагляду за бяспекай пад'ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Дзяржпрамнагляда Пётр Клімко.

У лютым 2017 года цяжкія траўмы атрымаў праходчык Мінскметрабуда. Аўтакран перамяшчаў шчыт апалубкі, які і зваліўся на работніка. Пасля аказалася, што мантаж ажыццяўляўся без кіраўніцтва асобы, адказнай за бяспечнае выкананне работ кранамі. І калі б ён проста зваліўся, але ж у зоне паражэння аказаўся праходчык. А каманду на перамяшчэнне даў стропальшчык.

Ліпень у сталіцы адзначыўся падзеннем вежавага крана на будоўлі комплексу «Мінск-Мір». Цяжкія траўмы атрымаў машыніст. Пасля высветлілася, што разбурылася наземнае мацаванне крана да бетоннага фундамента, на якім і быў усталяваны кран. Ланцужок прывёў да першапрычыны: аказалася, што завод-вытворца дапусціў брак — недастаткова трывала былі звараны швы ў заглыбленнях мацавання.

А напрыканцы кастрычніка няшчасны выпадак адбыўся на адным з прадпрыемстваў Мінска. У грузавік грузілі аўтамабільным кранам жалезабетонныя калодзежы. І раптоўна работу перарваў страшны крык. Заціснула кіроўцу аўтамабіля, які заадно выконваў функцыю стропальшчыка, паміж паваротнай часткай крана і ўжо пагружанымі калодзежамі.

Тут тэхніку бяспекі парушыў і машыніст, і стропальшчык. Першы паставіў кран вельмі блізка ад кузава і пачаў аперацыю павароту, не ўпэўніўшыся ў тым, што стропальшчыка няма ў небяспечнай зоне. А сам стропальшчык пачаў працу без каманды адказнага за бяспеку.

Смяротны ж няшчасны выпадак адбыўся 4 лістапада на будаўніцтве дома ў цэнтры горада. Вежавы кран уздымаў трансфарматарную падстанцыю. Падчас пад'ёму груз перавярнуўся і збіў электраманцёра, які знаходзіўся ў нябачнай для машыніста зоне. Рабочы зваліўся на перакрыцце паркінга з вышыні трэцяга паверха — васьмі метраў! Пацярпелага даставілі ў бальніцу, але ён неўзабаве памёр. А трагедыя адбылася з-за стропальшчыка. Ён перадаў перагаворную прыладу чалавеку, які не быў абучаны адпаведнай прафесіі...

Валяр'ян ШКЛЕННІК
ЗВЯЗДА


Другие новости

 

Мультимедиа ОБЖ
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

    Центральный аппарат МЧС

    Территориальные управления

    Департаменты

Закрыть