На сайт МЧС

Хто і як тэсціруе атракцыёны пасля зімы? (Звязда)

652
Прыемная навіна — ужо паслязаўтра ў сталічных парках запрацуюць атракцыёны! Але забаўляльныя агрэгаты неабходна дасканала праверыць, перш чым дапускаць да іх людзей. Цяпер комплекс гэтых работ ужо на завяршальнай стадыі. Разам з намеснікам начальніка ўпраўлення — начальнікам аддзела экспертызы Мінскага гарадскога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду Сяргеем Фядотавым карэспандэнт «Звязды» адправіўся ў мінскі парк імя Горкага, дзе якраз тэсціравалася знакамітае кола агляду.

Каля механізма, які ў вышыню сягае ажно на 54 метры, ужо завіхаюцца рабочыя. Яны адыходзяць ад кабін, — і кола пачынае павольна круціцца.

— Мы імітуем работу атракцыёна пад нагрузкай пасля міжсезоннага захоўвання: ва ўсе кабіны загружаюцца мяшкі з пяском, — кажа Сяргей Фядотаў. — Эксперт Дзяржпрамнагляду ў гэты час вывучае інструкцыю па эксплуатацыі. У адпаведнасці з ёй мы і запускаем атракцыён. Ён мусіць прайсці пэўную колькасць цыклаў у адным напрамку, пасля ў зваротным.

Трэба адзначыць, што пад дзяржаўным наглядам знаходзяцца толькі тыя атракцыёны, якія па сваіх тэхнічных характарыстыках былі прызнаныя патэнцыйна небяспечнымі аб'ектамі. Па краіне такіх апаратаў налічваецца 248. Больш за ўсё ў Мінску — 82, прычым 23 з іх — гэта водныя горкі.

Сёлета атракцыёны праходзяць праз тэхнічны агляд даволі позна. Прычыны ссунутага графіка — у позняй вясне. Не будзем забываць, што яшчэ ў пачатку красавіка ляжаў снег. Гаспадары атракцыёнаў таксама ўлічылі леташнія сюрпрызы надвор'я, калі ў нечаканыя веснавыя халады прыходзіла пакатацца не так шмат наведвальнікаў парку, як таго хацелася б.

Допуск на эксплуатацыю выдаецца Дзяржпрамнаглядам на адзін год. Увосень частка абсталявання дэмантуецца і выносіцца ў закрытыя памяшканні, а тое, што перамясціць нельга, накрываецца брызентам. Так атракцыён і зімуе. Пасля такога захоўвання і зваротнай зборкі яго і тэсціруюць.

Што ж уключае ў сябе комплекс агляду?

— Мы аглядваем вузлы і агрэгаты на цэласнасць, — працягвае Сяргей Фядотаў. — Пасля гэтага і пачынаюцца выпрабаванні. А вось тут ужо нейкіх уніфікаваных правілаў няма. У кожнага з атракцыёнаў вытворца зрабіў сваю інструкцыю, якая прадугледжвае ўласны метад выпрабавання. Адпаведна расцягваецца і час праверкі.

Калі, напрыклад, «Вальс» у парку Горкага можна праверыць за некалькі гадзін, то на тэст кола агляду, каля якога мы зараз знаходзімся, не хопіць і дня.

А вось дзіцячае кола агляду пад нагрузкай павінна прайсці 15 цыклаў. Вежу-скакалку, напрыклад, мы загрузілі мяшкамі з пяском і глядзелі, ці не апусцілася канструкцыя ніжэй за ўстаноўлены допуск. Па дзіцячым коле агляду былі некаторыя заўвагі. Зрэшты, грубымі парушэннямі гэта назваць нельга — дзе-нідзе не вельмі надзейна трымаліся некаторыя заклёпкі, але гаспадар атракцыёна мусіць іх ліквідаваць, калі хоча запусціць забаўку. Вось мы прыйшлі на наступны дзень — і ўсё было ў норме.

Не сакрэт, што вялікая доля атракцыёнаў ужо адпрацавала нарматыўны тэрмін службы. У Мінску такіх ажно 29 штук. Але гэта не азначае аўтаматычна таго, што іх трэба ў гэты ж дзень адпраўляць на ўтылізацыю. На такім атракцыёне праводзіцца поўная тэхнічная дыягностыка. Правяраюцца ўсе крытычныя вузлы, ажно да неразбуральнага кантролю, і эксперт выносіць адпаведнае заключэнне, ці можа забаўляльны апарат яшчэ катаць людзей або яму пара ўжо ў адстаўку. Такі агляд атракцыёны-ветэраны праходзяць абавязкова штогод.

Тэрмін эксплуатацыі забавак таксама розны. Ёсць тыя, для якіх вытворца разлічыў рэсурс у 8 гадоў, а ёсць і тыя, дзе гэты паказчык падскоквае ўжо да дванаццаці.

Цяпер жа адзін з самых старых атракцыёнаў працуе ў сталіцы менавіта ў парку Горкага. Гэта легендарны «Вальс», які зрабілі яшчэ ў 1992 годзе. Як ні зойдзеш у парк летам — ён заўжды катае наведвальнікаў.

— Якое самае крытычнае парушэнне было заўважана вамі пры абследаванні атракцыёнаў?

— Неяк пры аглядзе мы знайшлі аслабленыя балты ў канструкцыях атракцыёна, — прыгадвае Сяргей Фядотаў. — Гэтая акалічнасць магла паўплываць на бяспеку наведвальнікаў. Парушэнне было хутка ліквідавана ўладальнікам. А аднойчы ўзніклі пытанні да стойкі апоры другога атракцыёна. Яна як быццам пачала ржавець у месцы зварнога шва. Запускаць забаўку мы не дазволілі, а атракцыён адправіўся на дадатковую дыягностыку. Пасля аказалася, што эксперт перастрахаваўся — з канструкцыяй усё было ў норме. Зрэшты, так і павінна быць, бо гаворка ідзе пра жыццё і здароўе людзей.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Звязда

Другие новости


 

Голосование
Оцените качество предоставленных услуг
Оцените качество предоставленных услуг
Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть